Польскі партал Defence24 піша пра тое, што ў Чэхіі агент уплыву Крамля працяглы час плаціў чэшскім селебрыці за распаўсюджванне расійскай прапаганды. Ганарары складалі нават некалькі тысяч еўра, а змест, які мелі распаўсюджваць вядомыя асобы, датычыў расійска-ўкраінскай вайны.
Служба бяспекі і інфармацыі Чэхіі паведаміла, што праца агента адбывалася па замове «адной з расійскіх спецслужб». Дырэктар чэшскай спецслужбы Міхал Коўдэлка пры гэтым не назваў расійскай службы, на якую працаваў агент. Паводле яго словаў, задачай агента ўплыву было распаўсюджванне «зместу, у якім была падтрымка замежнай палітыкі Расійскай Федэрацыі ў грамадскай прасторы, у тым ліку з выкарыстаннем вядомых асоб».
Дзяржаўнае Чэшскай тэлебачанне правяло сваё расследаванне, з якога вынікае, што асяродкам дэзынфармацыі і каардынацыі расійскай агентуры ў Празе быў Цэнтра расійскай культуры. Польскі партал нагадвае, што згаданыя цэнтры, якія з’яўляюцца інструментам расійскай культурнай дыпламатыі, існуюць таксама ў іншых краінах, у тым ліку ў Польшчы. Чэшскія спецслужбы пры гэтым не называюць прозвішчаў селебрыці, якія атрымлівалі грошы за распаўсюджванне расійскай прапаганды.
Мясцовыя СМІ звяртаюць увагу на тое, што Чэхія ўжо працяглы час знаходзіцца ў полі зацікаўлення расійскіх спецслужб. У прыватнасці, Крэмль спрабаваў паўплываць на вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Чэхіі, якія прайшлі ў студзені. Іх выйграў празаходні кандыдат, генерал Петр Павел. Яго контркандыдатам быў экс-прэм’ер Андрэй Бабіш, які не скрывае сваіх прамаскоўскіх поглядаў, паведамляе партал Defence24.
вс